Міжнародны дзень роднай мовы

24.02.2023

          21 лютага ў ДУА “Бараўлянская СШ № 3” адбылося ўрачыстае пасяджэнне раённага літаратурна-творчага аб’яднання “Купалінка”, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы. У пасяджэнні прыняў удзел даўні сябар “Купалінкі”, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь  Мікола Чарняўскі. Ганаровы госць ўразіў аповедам пра сваё дзяцінства, прэзентаваў свае творы, асабліва дзецям спадабаліся і абудзілі вясёлы настрой жартаўлівыя скорагаворкі. Вучні прадставілі знакамітаму паэту вынікі сваёй творчасці. Агульны фотаздымак, зроблены на памяць са святочнай сустрэчы, паказаў колькі нас, творчых, таленавітых, адданых і шчырых прыхільнікаў матчынай мовы.

              З нагоды свята праведзены цэлы  шэраг мерапрыемстваў ва ўсіх установах адукацыі:  круглыя сталы, прэзентацыя твораў удзельнікаў літаратурна-творчых суполак, дыскусіі па творах беларускіх класікаў-юбіляраў, конкурсы “Мой трыялет”, “Слова трапнае і дасціпнае”, “Граматычнае лато”, акцыя «Верш у кішэню», мерапрыемствы адукацыйна-забаўляльнага характару. Каб перадаць самабытнасць, прыгажосць, адрознасць беларускай мовы ад іншых моў і  адначасова перадаць  пачуцці да роднага слова, вучні стваралі “воблака слоў”. Цікавымі для дзяцей былі гульні з выкарыстаннем інтэрактыўнага плаката “Гульня слоў”, моўныя турніры «Адкрываю нанова беларускае роднае слова».

         Па добрай традыцыі праводзіцца акцыя “Гавары са мной па-беларуску”, да якой далучаюцца як дзеці, так і ўсе настаўнікі.

          Гадзіна інфармавання пад назвай “Дзень роднай мовы” дазволіла яшчэ раз успомніць пра гісторыю гэтага свята, зрабіць экскурс у мінулае, правясці бліц-апытанне.

         У гэты дзень вучні прынялі ўдзел у напісанні Рэспубліканскай дыктоўкі па беларускай мове, арганізатарам якой з’яўляліся Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа і канал «Культура» Беларускага радыё.

           А самыя лепшыя пажаданні сваёй мове вучні напісалі на папяровых сардэчках, кветках і прыгожа аформілі, закончыўшы творчы працэс займальнай віктарынай на лепшага знаўцу беларускай мовы.

              Пасля ўрокаў вучні ДУА “Заслаўская гімназія” апынуліся ў сапраўднай казцы, а менавіта за праглядам кінафільма “Маленькая калядная казка” па-беларуску. Фільм з цікавай і павучальнай гісторыяй, займальны і з неверагоднай канцоўкай, ён вучыць верыць у цуд, дабро.

          Самай запамінальнай для вучняў стала сустрэча са Святланай Быкавай, беларускай пісьменніцай, якая прэзентавала кнігу “Мастак-чарадзей”, падзялілася сваімі творчымі планамі, прачытала ўласныя вершы.

            На працягу дня ў школах працавала шэраг інтэрактыўных пляцовак: “Птушкі па-беларуску”, “Маё любімае слова па-беларуску”, “Посуд па-беларуску”, “Музычныя інструменты па-беларуску”, “Беларускія гульні”. 

             Вучні спаборнічалі ў моўным турніры “З крыніц спрадвечных”. Яны паказалі свае веды ў конкурсе перакладчыкаў, конкурсах “Чужое слова”, “Веру - не веру”, “Хто больш?” і інш.

            А навучэнцы 9-ых класаў ДУА “Міханавіцкая СШ” зрабілі літаратурную карту Беларусі.

 

           У ДУА “Самахвалавіцкая СШ” прайшло мерапрыемства “Па старонках роднай мовы”. Вучні вандравалі па розных моўных і літаратурных прыпынках, удзельнічалі ў віктарыне, збіралі прыказкі, чыталі вершы. Вучні пачатковых класаў наведалі літаратурную гасцёўню “Чытаем на беларускай мове”, якую для іх правялі старшакласнікі, дзе расказалі пра свае самыя любімыя беларускія творы, чыталі на памяць вершы.

           У ДУА “Чурылавіцкая СШ” прайшла чытацкая канферэнцыя “У краіне прыгод Янкі Маўра”, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння пісьменніка.

         Дзень роднай мовы ў ДУА “Дубаўлянская СШ” прайшоў пад дэвізам “Мова, пявучая родная мова”, на перапынках праводзіліся конкурсы на лепшага перакладчыка, знаўца беларускіх традыцый.

          У ДУА “Заслаўская СШ № 2 імя М.К.Пуцейка” аформілі інфармацыйныя стэнды, правялі  гастранамічны фэст “Смак беларускай мовы”

           Конкурс на лепшае чытанне вершаў “Роднай мовай ганаруся” быў праведзены у ДУА “Каралевастанская БШ”.

           У ДУА “Папярнянская СШ” прайшла акцыя “Дрэва цёплых слоў”, квэст-гульня “Смак беларускай мовы”.

На перапынках у школах гучалі беларускія песні, усе настаўнікі і вучні размаўлялі па-беларуску.

          Усе мерапрыемствы спрыялі павышэнню цікавасці да вывучэння беларускай мовы, далучэнню дзяцей да духоўных скарбаў народа, абуджэнню цікавасці і павагі да роднага слова, да беларускай мовы.

          Гэта свята – сапраўдная падзея для носьбітаў роднай мовы.

 

Фотогалерея: