"Сэрца пакідаю вам..."

09.11.2022
З 28 кастрычніка па 6 лістапада 2022 года ва ўстановах адукацыі праходзілі святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 140-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа.

 Пачалі марафон вучні 9 класаў, яны пісалі дыктант пад назвай “Музей Якуба Коласа”. Працягнулі эстафету навучэнцы сярэдніх класаў, якія з задавальненнем чыталі лірычныя творы класіка.

Вучні многіх устаноў адукацыі прынялі ўдзел у абласным флэшмобе “Чытаем Коласа”, аформілі кніжныя выставы-экспазіцыі, пазнаёміліся з цікавымі і малавядомымі фактамі жыцця і творчасці, арганізавалі сустрэчы  ў за круглым сталом “Чытаем Якуба Коласа разам”.

Цікавым атрымаўся візуалізаваны летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа, з якім можна азнаёміцца на сайце ДУА “Буцавіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа”.

У ДУА “Вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа аг.Лашаны” цікава прайшлі літаратурная гульня-падарожжа “Пясняр зямлі беларускай” і конкурс ілюстрацый да твораў Якуба Коласа.

Літаратурная ярмарка  “Сэрца пакідаю вам..” і конкурс на лепшае сачыненне “Мой родны кут, як ты мне мілы …” правялі ў ДУА “Вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа п.Шаршуны”.

Вучні ДУА “Вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – пачатковая школа аг. Ждановічы”  наведалі  сельскую бібліятэку і сталі ўдзельнікамі мерапрыемства “Якуб Колас – пясняр зямлі беларускай».

Вучні ДУА “Навасельская сярэдняя школа” наведалі Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, правялі экскурсію ў Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі “Сула”,  пазнаёміліся з раннім этапам творчасці песняра, даведаліся пра яго ўплыў на фарміраванне беларускай мовы і літаратуры. Пятроўскі Раман, вучань І “Б” класа, стаў шчаслівым уладальнікам рарытэтнага выдання  кнігі Якуба Коласа “Раніца ў нядзельку” з аўтографам Юзіка Міцкевіча (Шаляніцы), брата пісьменніка. Ён атрымаў яе ў дар ад сваёй бабулі Вайтуль (Ламака) Любоў Іванаўны, былой настаўніцы Таўкачэвіцкай сярэдняй школы Уздзенскага раёна.

Вучні ДУА «Заслаўская сярэдняя школа № 2 імя М.К.Пуцейкі» наведалі гарадскую бібліятэку,  дзе сталі ўдзельнікамі літаратурна-музычнай кампазіцыі  “І да сонца коласам узняцца”. Хлопцы і дзяўчаты чыталі вершаваныя і празаічныя творы Якуба Коласа, прадэманстравалі невычэрпныя магчымасці мастацкага, вобразнага слова, аплодненага глыбокім і шчырым пачуццём любові да жыцця, да чалавека і роднай зямлі. Госці творчай сустрэчы праслухалі песні на вершы Якуба Коласа “Мой родны кут”, “Ручэй” і інш.

Вучні ДУА “Семкаўская сярэдняя школа” сталі удзельнікамі ўрачыстага адкрыцця помніка Якуба Коласа ў Стоўбцах.

У ДУА “Азярцоўская сярэдняя школа”, “Мачулішчанская сярэдняя школа імя Герояў Савецкага Саюза Удавенкі І.Ц. і Гаманенкі М.В.” аматараў паэзіі класіка сабрала літаратурная гасцёўня “Як песня народа, неўміручы наш Колас”. У літаратурным псеўданіме Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча – народнага паэта Беларусі Якуба Коласа шмат сэнсу і чалавечага цяпла. Гэтым псеўданімам яшчэ на пачатку сваёй творчай дарогі малады паэт падкрэсліў, што жыццём сваім і творчасцю заўсёды будзе цесна звязаны з народам, з роднай зямлёй, што з жыцця народа, як з найглыбейшай крыніцы, будзе чэрпаць думкі і надзеі, тэмы і вобразы.

 

Шматгранная літаратурна-мастацкая спадчына Якуба Коласа – гэта неад'емная частка духоўнага набытку беларусаў, невычэрпная крыніца мудрасці, хараства і прыгажосці.

 

Фотогалерея: