“Як ты дорага мне, мая родная мова!”

28.09.2022
З 19.09.2022 па 24.09.2022 ва ўстановах адукацыі Прысталічча праводзіўся Тыдзень роднай мовы.

Тыдзень распачынаўся ўрачыстай лінейкай або тэматычнай інфармацыйнай гадзінай, прысвечанай роднай мове, сумесным выкананнем Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

У бібліятэках былі арганізаваны тэматычныя кніжныя выставы па пытаннях сучаснай беларускай літаратурнай мовы, вучэбнай літаратуры па беларускай мове “Сэрцам роднага слова краніся”. Першымі наведвальнікамі выставы сталі вучні пачатковых класаў. Наведаўшы выставу, кожны зрабіў для сябе выснову, што мову трэба шанаваць, размаўляць на ёй, бо гэта мова нашых славутых беларускіх пісьменнікаў. У ДУА “Самахвалавіцкая СШ” напрыканцы сустрэчы вучні 5 класа Сяргейчык Савелій і Бондар Лізавета чыталі на памяць верш Петруся Броўкі "Калі ласка".

Яшчэ ў першы дзень ля самага парога кожнага, як вучня, так і настаўніка, чакалі заданні, для выканання якіх патрэбна было ведаць родную мову. Кожнаму прапанавалася запісаць свае любімае слова па-беларуску, потым з гэтых слоў дзеці  стварылі агульнае воблака любімых слоў. Кожнае слоўца беларускай мовы гучыць па-асабліваму і мае ўнікальны сэнс. Немагчыма не пагадзіцца з тым, што многія словы гучаць вельмі пяшчотна, кранаюць за самае сэрца. І гэта не дзіўна, бо мова беларуская – матуліна, такая родная, блізкая – наша. Атрымаліся цэлыя слоўнікі цікавых беларускіх слоў.

У час акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску” вядучыя запрашалі вучняў і настаўнікаў размаўляць па-беларуску, знаёмілі з цікавымі беларускімі словамі. Актывісты падрыхтавалі інфармацыйныя лісткі, з якіх кожны жадаючы мог даведацца, чаму так неабходна размаўляць на роднай мове.

На яркіх паштоўках, вырабленых вучнямі, былі напісаны  шчырыя і ласкавыя пажаданні роднай мове:  “Няхай жыве шчырае роднае слова!, “Родная мова, жыві, квітней і радуй слых!, “Будзь яскрава, мая мова!”.

Вучні ДУА “Заслаўская гімназія” ўзялі удзел у літаратурным чэленджы “Льецца мова”, запісалі на відэа чытанне беларускага верша і загрузілі ў Інстаграм з хэштэгам #ЛьеццамоваБРПА. Настаўнікам беларускай мовы ДУА “Мачулішчанская СШ” Скварчэўскай Ж.Л. на сваёй старонцы ў інстаграм былі размешчаны кароткія відэаролікі “Гавары са мной па-беларуску” з удзелам вучняў.

Усе ўстановы прынялі ўдзел у марафоне “Мова родная – мова модная”. У выкананні вучняў гучалі беларускія песні “Купалінка”, “Цячэ вада ў ярок”, “ Зорка Венера”. У фае школ было арганізавана караоке, дзе вучні разам з настаўнікамі спявалі песні на роднай мове.

У межах Тыдня роднай мовы ў сацыяльнай сетцы Instagram была праведзена анлайн-апытанка “Спазнай Беларусь”. Вучні і іх бацькі з задавальненнем адказвалі на пытанні аб вялікіх паэтах, мастаках Беларусі, аб гісторыі і прыгажосці прыроды нашай краіны. Трэба адзначыць, што пытанні не выклікалі складанасці, і арганізатары апытанкі атрымлівалі, як правіла, правільныя адказы.

У рамках Тыдня роднай мовы былі праведзены экскурсіі ў музей “Краіна-міні”, Дзяржаўны музей Янкі Купалы (філіял Вязынка), музей “Дом Ваньковічаў”, гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”, Парк гісторыі “Вялікае княства Сула”, Лідскі замак,  Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і быту, віртуальныя экскурсія па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю Якуба Коласа,  ў Нясвіжскі замак.

У ДУА “Сярэдняя школа № 1 в. Копішча” адбылася сустрэча з паэтам, пісьменнікам, публіцыстам Васілем Жуковічам, у ДУА “Бараўлянская гімназія” – з беларускай паэтэсай Лёляй Багдановіч, у ДУА “Навасельская СШ” – з беларускай пісьменніцай Таццянай Каленік, у Заслаўі – з пісьменніцай і паэтэсай Святланай Быкавай.

Падчас гастранамічных фэстаў  “Беларуская кухня”дзеці разам з бацькамі гатавалі беларускія стравы, расказвалі, з чаго і як яны гатуюцца, а затым частавалі ўсіх прысутных сваёй стравай. Смачная травяная гарбата, бліны з мёдам, меладычная размова на роднай мове напоўнілі гэты дзень добрым і радасным настроем.

Творча падышлі вучні да паказаў адзення ў беларускім стылі “Будзь у трэндзе”. Вучні апраналіся ў сучасныя сукенкі і спадніцы з элементамі беларускага нацыянальнага адзення,  паказвалі, што традыцыйнае адзенне можа быць сучасным і  модным.

Наш фальклор разнастайны і насычаны цікавым вопытам і народнай мудрасцю. У гэтым пераканаліся вучні, якія прынялі удзел у квэст-гульні “Фальклор, фальклор – душа народа”. Знаёмства з вуснай народнай творчасцю дапамагае больш блізка пазнаёміцца з  роднай мовай, дакрануцца да гістарычнай памяці народа, адчуць свае духоўныя карані.

Падчас літаратурнай акцыі “Прыгажосць літаратурнага слова” прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам народных паэтаў Беларусі, успомніць любімыя вершы, прачытаць свае.

Гістарычны экскурс “Захоўваем мінулае, цэнім сучаснасць, будуем будучыню” здзейснілі вучні ДУА “Бараўлянская СШ”, “Шчомысліцкая СШ”, “Сеніцкая СШ імя Я.Купалы”, “Каладзішчанская СШ”, “Навасельская СШ”, “Замастоцкая СШ”, “Заслаўская СШ № 2 імя М.К.Пуцейкі”, “Заслаўская гімназія”, “Самахвалавіцкая СШ” і іншых устаноў, у якіх працуюць музеі ці музейныя пакоі.

У конкурсе творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”прынялі ўдзел вучні 9-ых класаў. У сваіх работах хлопцы і дзяўчаты  распавядалі пра любоў да роднага краю, мясцін, дзе нарадзіліся i выраслі, пра свае адносіны да роднай мовы. Успомнілі пра гераічнае мінулае нашай краіны і яе славутыя мясціны. Конкурс пісьмовых работ дазволіў вучням праявіць свае творчыя здольнасці, развіць уменне вобразна і метафарычна выказваць думкі і меркаванні, садзейнічаў фарміраванню павагі і любові да роднай зямлі.

Усім жадаючым было прапанавана паўдзельнічаць у флаер-фэсце “Мой родны кут, як ты мне мілы…” Дзеці з прыемнасцю адгукнуліся на гэту прапанову і самі прарэкламавалі знакамітыя мясціны роднага краю. Вучні стварылі флаер-фэст “Мой родны кут, як ты мне мілы”, у якім адлюстравалі свае веды аб сімвалах роднай краіны, аб памятных датах. А потым гэтыя флаеры дзеці прэзетавалі вучням малодшых класаў. 

Гулья-віктарына “Дакраніся да роднага слова”  арганізавана ў ДУА “Каладзішчанская СШ”, інтэлектуальная гульня “Я ведаю” – у ДУА “Крупіцкая СШ”, квэст “У пошуках моўных скарбаў” – ДУА “Лугаваслабадская СШ”, турнір знаўцаў “Слова роднае – вечнасці след”,  квэст “У лабірынтах Мовазнавіі” – ДУА “Навасельская СШ”, віктарына «Голас пісьменнікаў – голас народа»,  кінавечарына «Беларуская класіка на экране» –  ДУА “Азярцоўская СШ”, літаратурная гасцёўня “Я роднай мовы не зракуся” - ДУА “Сярэдняя школа № 1 в. Копішча”, падарожжа-віктарына “Жывое ў вяках беларускае слова” –  ДУА “Бараўлянская СШ № 3”, конкурс маладых паэтаў  “Ад прадзедаў спакон вякоў”, разгадванне філалагічных загадак “Папацей, грамацей!”  –  ДУА “Лугаваслабадская СШ”, выстава “Майстры слова” – ДУА “Замастоцкая СШ”, лінгвістычная віктарына “Мова народа – яго святыня”, разгадванне філалагічных загадак “Папацей, грамацей!” –  ДУА “Дубаўлянская СШ”, акцыя “У кожным слоўцы – сонца!” – ДУА “Заслаўская гімназія”, відэачасопіс “Традыцыі святкавання Багача”– ДУА “Міханавіцкая СШ”.

Інтэлектуальная гульня “Беларусь у маім сэрцы” дазволіла вучням страрэйшых класаў прадэманстраваць свае веды пра здабыткі культурнай і гістарыснай спадчыны. Пытанні і заданні выходзілі за рамкі школьнай праграмы і былі разлічаны не толькі на ўзнаўленне вядомага матэрыялу, яны ў значнай ступені дазволілі праявіць вынаходлівасць, лагічнае мысленне. Гульня накіроўвала ўдзельнікаў на спазнанне таямніц роднай гісторыі, атрыманне асалоды ад шэдэўраў нацыянальнага мастацтва і культурных традыцый, яшчэ раз зацвердзіла думку пра самавітасць беларускага народа.

Мерапрыемствы па папулярызацыі і пашырэнні выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства будуць праводзіцца ва ўстановах адукацыі Прысталічча і надалей.

Фотогалерея: