Як ты дорага мне, мая родная мова!

22.09.2022
У адпаведнасці з планам, зацверджаным Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, з 19 па 23 верасня ва ўсіх установах адукацыі Мінскага раёна праводзіцца Тыдзень роднай мовы “Як ты дорага мне, мая родная мова!”

У дзяржаўнай установе адукацыі “Гатаўская сярэдняя школа”  насычаная і цікавая праграма пачалася з сустрэчы вучняў з артыстамі Беларускай дзяржаўнай філармоніі, якія прадставілі канцэртную праграму ”Я ганаруся, што нарадзіўся на гэтай казачнай зямлі”.   Вучні 9 класаў наведалі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. У ходзе экскурсіі яны пазнаёміліся з жыццём і дзейнасцю пісьменніка, даведаліся пра гісторыю напісання верша ”Хлопчык і лётчык”, прынялі ўдзел у інтэрактыўнай віктарыне па творах Янкі Купалы. Самыя маленькія вучні прынялі ўдзел у марафоне “Мова родная   - мова модная” і спявалі беларускія песні.

Падарожжа “Беларуская хата. Беларускія стравы” стала запамінальным для вучняў 2 – 3 класаў дзяржаўнай установы адукацыі “Ждановіцкая сярэдняя школа”, бо прайшло на базе музейнага комплекса “Дудуткі”. Весела, цікава, захапляльна прайшлі ў школе акцыі па стварэнні віншавальных паштовак “Пажаданні роднай мове ” і інтэрактыўнага воблака “Маё любімае слова па-беларуску“. Вучні стараліся ўспомніць самабытныя беларускія словы, каб здзівіць сваіх аднакласнікаў. Захапляльна прайшла інтэрактыўная гульня “Залацінкі роднай мовы ”. Здзівіла вучняў 5 – 6 класаў віртуальная відэаэкскурсія “Запрашаем у Беларусь”, якую падрыхтавалі старшакласнікі ў межах інавацыйнага праекта. Відэаэкскурсія па Ждановічах дала магчымасць вучням паглядзець на знаёмыя мясціны, дзе ходзяць кожны дзень, па-іншаму: убачыць мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю знакамітых майстроў слов і жывапісу: Васіля Быкава і Мікалая Валынца.

Вялікую колькасць гледачоў сабрала выстава кніг “Чараўніца беларускага слова”, прысвечаная творчасці беларускай дзіцячай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Вучні не проста цікавіліся кнігамі, але і задавалі пісьменніцы шмат пытанняў, на якія атрымалі грунтоўныя, часам жартаўлівыя адказы.

Вучні дзяржаўнай установы адукацыі “Бараўлянская сярэдняя школа № 3” пабывалі на экскурсіі ў музеі “Краіна-міні”, дзе прадстаўлена 20 макетаў самых знакамiтых аб'ектаў архітэктурна-гістарычнай спадчыны Беларусі.

Вучні дзяржаўнай установы адукацыі “Замастоцкая сярэдняя школа” прынялі ўдзел у прэзентацыі віншавальных паштовак Пажаданні роднай мове, створаных сваімі рукамі, праявілі творчыя здольнасці і ад шчырага сэрца зычылі мове квітнець, гучаць і не знікаць.

У дзяржаўнай установе адукацыі “Бараўлянская сярэдняя школа” Тыдзень роднай мовы пачаўся з акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”. Настаўнікі і вучні імкнуліся ўжываць у сваім маўленні як мага больш беларускіх слоў.  Усе карысталіся беларускім моўным этыкетам. Для вучняў праводзяцца эксурсіі “Аб родным краі роднай мовай” у музейна-этнаграфічнай экспазіцыі “Скарбонка”.

 

З вялікім захапленнем удзельнічалі вучні дзяржаўнай установы адукацыі “Бараўлянская гімназія” у  квест-гульні ”Фальклор, фальклор – душа народа“, а вучні дзяржаўнай установы адукацыі “Папярнянская сярэдняя школа” прымаюць удзел у Рэспубліканскай адкрытай дыстанцыйнай паэтычнай акцыі “Мая родная мова, ганаруся табой!”.

Фотогалерея: