Сэрцам роднага слова краніся...

25.02.2022

“Сэрцам роднага слова краніся”  – пад такім дэвізам  прайшло ўрачыстае пасяджэнне раённага літаратурна-творчага аб’яднання “Купалінка”, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы.

Пасяджэнне пачалося для ўсіх прысутных неспадзявана: песні пра Беларусь і купалінку прагучалі ў выкананні грамадзяніна Кітая Вана Дэлуна, студэнта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, які з захапленнем вывучае беларускую мову.

Панараму мерапрыемстваў “Падарожжа па краіне роднай мовы” прадставілі настаўнікі і вучні  ДУА “Заслаўская гімназія”. Прысутныя паглядзелі пастаноўку падання паводле твора А. Вольскага, інсцэніроўку верша К.Цвіркі “У кнігарні”, відэаролік “Настаўнікі, вучні, бацькі чытаюць верш П.Броўкі “Калі ласка”. Кранулі уддзельнікаў свята выступленні юных спявачак Русак Сафіі, Прынеслік Юліі,  Грынь Марусі.

Паважаным госцям, аматарам і знаўцам роднага слова была прадастаўлена магчымасць  паглыбіць уласныя веды, павысіць моўны ўзровень, прыняўшы ўдзел у гульнях “Знайдзі ядомае”, “Гаворым правільна па-беларуску”. “Знайдзі майстра”.

Зацікавіла ўсіх падарожжа “Пуцявінамі роднага слова”, у якім расказваецца аб разнастайных вандроўках вучняў і настаўнікаў ДУА “Заслаўская сярэдняя школа № 1” па мясцінах Беларусі, звязаных з жыццём і творчасцю славутых паэтаў і пісьменнікаў Бацькаўшчыны. Аб тым, як праходзяць у гэтай школе мерапрыемствы па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы, можна даведацца з перадачы, знятай школьным тэлебачаннем.  

Беларускія пісьменнікі звяртаюцца да нас, беларусаў, каб мы не цураліся роднага слова, а штодня размаўлялі на роднай беларускай мове. Паведамленні “З любоўю да роднага слова” аб беларускіх паэтах, юбілей якіх адзначаецца ў 2021/2022 навучальным годзе, былі падрыхтаваны настаўнікамі і вучнямі  ДУА “Дубаўлянская СШ”, ДУА “Ждановіцкая СШ”, ДУА “ВПК д/с-СШ аг.Лашаны”,  ДУА “ВПК я/с-СШ в. Новае Поле”.

Пачуць жывое слова паэта – добрая нагода. Святлана Анатольеўна Быкава, член Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь, чытала свае вершы і творы, перакладзеныя ёю з іншых моў.

У час пасяджэння “Купалінкі” адбыўся фестываль аднаго верша. Мы шчыра радуемся першым творчым зярняткам, поспеху нашых вучняў. Найбольш спадабаліся творы, якія прэзентавалі Вірынская Сафія (ДУА “Заслаўская СШ № 1”), Гіль Дар’я і Скальская Лізавета (ДУА “Заслаўская гімназія”), Астаповіч Арсеній (ДУА “Бараўлянская гімназія”), Ашыхліна Соф’я (ДУА “Бараўлянская СШ № 2”), Захарава Ульяна (ДУА “Азярцоўская СШ”), Прыбыш Анжаліка (ДУА “Семкаўская СШ”), Кліш Кліменцій (ДУА “Рогаўскі ВПК д/с – СШ”), Аладка Анастасія (ДУА “Самахвалавіцкая СШ”), Шпак Валерыя (ДУА “Мачулішчанская СШ”), Зянько Сафія (ДУА “Трасцянецкая СШ”), Цвердахлебава Сафія (ДУА “Ждановіцкая СШ”), Саўчанка Арцём (ДУА “Заслаўская СШ № 2”), Лохач Андрэй (ДУА “ВПК я/с – СШ в. Новае Поле”).

Хацелася б, каб наша слова жыло шмат стагоддзяў, радавала сваёй мілагучнасцю і прыгажосцю новыя пакаленні.

Фотогалерея: