«Мой любімы верш на роднай мове»

21.09.2020
Рэспубліка Беларусь мае цудоўную традыцыю - святкаванне Дня беларускага пісьменства.

Традыцыйным для дзяржаўнай установы адукацыі «Навасельская сярэдняя школа» стала правядзенне ў гонар  гэтай падзеі конкурсу чытальнікаў «Мой любімы верш на роднай мове». Конкурс праходзіў з мэтай развіцця творчых здольнасцей вучняў, паглыблення і пашырэння іх чытацкага кругагляду, далучэння да багацця беларускай мовы. Ён стаў цудоўнай магчымасцю для ўдзельнікаў падзяліцца тым, што назапашана ў памяці і душы, паказаць сваю любоў і павагу да роднай мовы.

Юныя чытальнікі звярнуліся да твораў М.Багдановіча, Я.Коласа, Я.Купалы, Н.Гілевіча, Р.Барадуліна, П.Броўкі, В.Жуковіча, Р.Баравіковай і іншых беларускіх паэтаў. Тэматыка абраных твораў таксама была разнастайнай. Нікога не пакінулі абыякавым светлыя, пранікнёныя словы пра родную сэрцу Беларусь, пра малую радзіму, пра чароўную прыроду, пра любімую матулю…

Хваляванне чытальнікаў было відавочным. Нялёгка прыйшлося і журы конкурсу, члены якога ўважліва слухалі кожнага ўдзельніка, сачылі за артыстызмам выканання, за глыбінёй пранікнення ў вобраз і сэнс твора.

Уручыўшы ўзнагароды пераможцам, старшыня журы Івашына С.У. адзначыла, што ўсе ўдзельнікі конкурсу даказалі, што любяць і ведаюць беларускую мову. Дзякуючы іх намаганням, конкурс ператварыўся ў сапраўднае свята.